У́ЛЬСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16—17 ст. у г.п. Ула Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. Узведзены ў 1563 у час Інфлянцкай вайны 1558—82 паводле загаду вял. кн. ВКЛ і караля Польшчы Жыгімонта II Аўгуста для абароны вусця р. Ула і кантролю за рухам па Зах. Дзвіне. Мысавую пляцоўку адрэзалі ровам ад плато, па перыметры ўзвялі абарончы вал, схілы замчышча, звернутыя да вады, выбрукавалі валунамі. Але буд-ва У.з., якім кіраваў венецыянскі інжынер, спынілася ў сувязі з нападам атрада рус. войск. Уся буд. каманда была перабіта. У 1567 Іван IV Грозны загадаў пабудаваць тут крэпасць у выглядзе драўляных сцен-гародняў і вежаў. Запоўненыя зямлёй гародні добра вытрымлівалі артыл. абстрэл. У.з. меў 8 вежаў, вароты і брамкі. З сярэдзіны лютага да 4.3.1568 У.з. беспаспяхова штурмавала войска Я.​Хадкевіча. Разбіўшы гарматамі сцены і вежы, яно, аднак, адступіла. Толькі 20.9.1568 гетман Р.​Сангушка прыступам захапіў У.з. У палон трапілі 2 ваяводы — браты Вельямінавічы, 300 баяр і 800 стральцоў са зброяй. Спалены ў час штурму замак хутка зноў быў адноўлены. Паводле загаду Стафана Баторыя ў 1580 тут насыпалі магутны вал выш. каля 11,5 м. У пач. вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 У.з. зноў быў заняты рус. войскамі, спалены і больш не аднаўляўся.

М.​А.​Ткачоў.

Ульскі замах. Гравюра невядомага мастака. 1568.

т. 16, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)